Главная » НОВОСТИ » Вопыт работы Смаргонскай раеннай профсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК – здабытак усяго прафсаюзнага актыву вобласцi

Вопыт работы Смаргонскай раеннай профсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК – здабытак усяго прафсаюзнага актыву вобласцi

У Смаргоні нядаўна прайшло выязное паседжэнне прэзідыума Гродзенскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Робіцца гэта для таго, каб на месцах паглядзець, як наладжана прафсаюзная работа. Але перш чым прыступіць да абмеркавання надзённых пытанняў, абласное кіраўніцтва разам са старшынямі райкамаў прафсаюза АПК наведалі некалькі аб’ектаў. Першы з іх – малочнатаварны комплекс “Сасноўка”.

Дырэктар філіяла “Жодзішкі” Уладзімір Шастак назваў прафсаюзных лідараў калегамі, бо сам калісьці працаваў у гэтай жа гаспадарцы старшынёю прафкама. Уладзімір Васільевіч паведаміў, што турбот хапае, бо гаспадарка  вялікая, яе тэрыторыя пачынаецца каля Смаргоні і заканчваецца непадалёку ад Свіры. Адлегласць сапраўды ўражвае – 64 кіламетры. Раней было крыху менш, але летась да філіяла “Жодзішкі” далучылі саўгас “Лылойці”. А ўвогуле, філіял размяшчаецца на тэрыторыях колішніх пяці гаспадарак.

Уладзімір Шастак прывёў эканамічныя і фінансавыя паказчыкі, не хаваў зарплату работнікаў. А яна большая, чым у некаторых арганізацыях горада. Таму назад вяртаюцца нават тыя, хто калісьці пакінуў гаспадарку. Прыезджыя таксама хочуць тут працаўладкавацца, але пакуль для іх няма свабоднага жылля. Нядаўна ў філіяле “Жодзішкі” прынялі на работу тры сям’і з Украіны.

Аб прафсаюзнай рабоце расказала старшыня прафкама камбіната хлебапрадуктаў Ала Айрапецян, у склад якога ўваходзіць філіял “Жодзішкі. Але гасцям хацелася на свае вочы пабачыць, якія санітарна-бытавыя ўмовы створаны для работнікаў на малочнатаварным комплексе “Сасноўка”, і неўзабаве прадстаўнічая дэлегацыя рушыла да аднаго з будынкаў.

Стэрыльнай чысцінёю сустрэлі кіраўнікоў прафсаюзнай арганізацыі АПК вытворчыя памяшканні мясцовага малаказавода. Светлыя душавыя пакоі, побач невялікая трэнажорная зала з неабходным абсталяваннем. Гасцям прапанавалі прадэгусціраваць малочную прадукцыю. Іх цікавіла, дзе яна рэалізоўваецца.

Пабывалі прафсаюзныя работнікі на мемарыяльным комплексе, які прысвечаны падзеям Першай сусветнай вайны, і ў гарадскім гісторыка-краязнаўчым музеі.

На пасяджэнні прэзідыума абласнога камітэта прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу было разгледжана некалькі пытаняў. Першае з іх – аб рабоце Смаргонскага раённага камітэта прафсаюза па кіраўніцтве пярвічнымі арганізацыямі, кантролю за выкананнем прафкамамі статута.

Як адзначыла загадчык арганізацыйнага аддзела абкама прафсаюза работнікаў АПК Алена Ганчарук, у мясцовым райкаме прафсаюза справы ідуць даволі добра. Было толькі некалькі дробных заўваг па вядзенні дакументацыі ў адпаведнасці з апошнімі патрабаваннямі. Але ўсе гэтыя моманты адразу ж удалося ўхіліць. Старшыня райкама прафсаюза АПК Віталь Івашка цесна працуе як з кіраўнікамі прафсаюзных арганізацый, так і з наймальнікамі.

Калі размова пайшла аб ахове працы, то прадстаўнік абкама прафсаюза звярнуў увагу прысутных на тое, што Смаргонскі раён адзіны ў вобласці, дзе было прынята рашэнне аб даплаце грамадскім інспектарам за работу ад адной да трох базавых велічыняў і дадатковым дні да водпуску. Што датычыць няшчасных выпадкаў на вытворчасці, а яны, на жаль, здараюцца, то тут ёсць віна спецыялістаў гаспадарак – аслаблены кантроль за выканаўчай дысцыплінай. Бываюць выпадкі, калі механік ці інжынер у сувязі з так званай вытворчай неабходнасцю выпускае на лінію няспраўны трактар альбо іншы транспартны сродак. Да чаго гэта можа прывесці, усім вядома.

Старшыням райкамаў прафсаюза АПК было рэкамендавана таксама звяртаць больш увагі на бяспеку працы, вырашаць праблемы разам з кіраўнікамі і спецыялістамі гаспадарак і перапрацоўчых прадпрыемстваў, адпрацаваць сістэму кантролю за работнікамі. Напрыклад, наладзіць за механізатарамі і вадзіцелямі не толькі перадрэйсавы, але і паслярэйсавы кантроль на прадмет ужывання імі спіртных напіткаў, стварыць мабільныя групы для праверкі работнікаў на цвярозасць на працягу працоўнага дня.

У сваім выступленні старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віталь Івашка адзначыў, што ў суб’ектах гаспадарання, дзе інжынеры па ахове працы працуюць ў цеснай звязцы з грамадскімі інспектарамі, пытанні па тэхніцы бяспекі вырашаюцца намнога лепш. Па ініцыятыве Віталя Іванавіча нават было праведзена мерапрыемства па арганізацыі належнага тэхнічнага агляду транспартных сродкаў. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі сельгасупраўлення, кіраўнікі, інжынеры гаспадарак, супрацоўнікі ДАІ.

Што датычыць санітарна-бытавых умоў у жывёлагадоўлі раёна, то яны добрыя. Ёсць фермы, дзе прадугледжаны не толькі душавыя кабіны, але ўстаноўлены пральныя машыны, каб можна было памыць рабочае адзенне.

Раней крытыкавалі крэўскую зону за тое, што там не ўсё добра ў санітарна-бытавым плане. Але, па словах старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Віталя Івашкі, так было раней. Цяпер у крэўскай гаспадарцы адзін з лепшых мехстанаў і збожжасклад. Ёсць вучэбны клас па ахове працы і лазня для механізатараў і іншых работнікаў. Такія лазні працуюць і ў іншых гаспадарках. Створаны пакоі для ежы. Яны абсталяваны халадзільнікамі, мікрахвалевымі печкамі, электрычнымі чайнікамі.

Штогод праводзіцца выстаўка спецадзення. Кіраўнікі, інжынеры, старшыні прафкамаў маюць магчымасць азнаёміцца з ім, выбраць лепшае. Нават па колеры, каб адрознівалася ад спецвопраткі, якую носяць работнікі іншых гаспадарак.

Яшчэ адзін напрамак дзейнасці райкама прафсаюза работнікаў АПК – правядзенне культурна-масавых мерапрыемстваў. Арганізоўваюцца паездкі ў Мінск і іншыя гарады Беларусі, дзе смаргонцы наведваюць кінатэатры, тэатры, футбольныя матчы на стадыёнах. Не застаюцца па-за ўвагай прафсаюза канцэрты ў Смаргоні, з якімі прыязджаюць сталічныя артысты – нярэдка білеты распаўсюджваюцца праз прафсаюзныя арганізацыі.

Яндекс.Метрика