Главная » НОВОСТИ » Ветэрану з Наваселак Ашмянскага раёна — 90 год

Ветэрану з Наваселак Ашмянскага раёна — 90 год

Пра вайну Станіслаў Юльянавіч Бралкоўскі расказваць не любіць. Як быццам ваеннае ліхалецце і не апаліла яго душу, не пакінула на сэрцы незажываючых ран. Яму, сціпламу вясковаму чалавеку, хочацца забыцца пра тыя трагічныя падзеі, да якіх ён і сам меў непасрэднае дачыненне.

Прызваны быў Станіслаў Юльянавіч у Войска Польскае ў самым канцы вайны, аднак  паспеў “панюхаць пораху і пакаштаваць салдацкага хлеба”. Дзявяты пяхотны полк,  у якім  нёс службу радавы Бралкоўскі, прымаў удзел у баях на рацэ Одэр, на мяжы Польшчы і Германіі. Сёння аб тых вогненных гадах сведчыць медаль “За адвагу”, а таксама ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені і медаль Жукава, прышпіленыя да   святочнага пінжака ветэрана.

Вострым болем адзываецца яго сэрца ў Дзень Перамогі. Тады ўспаміны вярэдзяць душу і не даюць заснуць. Аднак Станіслаў Юльянавіч стараецца не паказваць сваіх перажыванняў. Для людзей, якія жывуць з ім побач, для аднавяскоўцаў, вучняў мясцовай школы ён, нягледзячы ні на што, — шчыры і вясёлы чалавек, на  прасветленым твары якога заўсёды чытаецца адкрытасць і дабрыня.

У свае дзевяноста год Станіслаў Юльянавіч не страціў пачуцця гумару і прагі да жыцця, хаця шмат перажыў нягод: пахаваў жонку і сына.  Аднак ад адзіноты не нудзіцца. У сваёй невялічкай хаце, што месціцца на цэнтральнай вуліцы ў аграгарадку Навасёлкі, ветэран  часта прымае гасцей. Прыходзяць да дзеда Станіслава вучні і  настаўнікі Навасёлкаўскага ВПК. Рады ветэран  сустрэчам з кіраўніцтвам сельвыканкама і мясцовай гаспадаркі, дзе ён працаваў  яшчэ доўгі час нават пасля выхаду на пенсію. З цеплынёй адзываецца Станіслаў Юльянавіч аб сацыяльным работніку Таццяне Лазан, якая на працягу трох год дапамагала па гаспадарцы.

Да Таццяны Уладзіміраўны звярнуўся ветэран і калі святкаваў свой юбілей, каб дапамагла справіць святочны стол. Віншаванні, кветкі і падарункі прымаў юбіляр ад старшыні Навасёлкаўскага сельвыканкама Андрэя Садоўскага, старшыні прафкама СВК “Ашмянскі світанак” Крысціны Міхайлоўскай, бухгалтара РК прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аксаны Людкевіч, старшыні райсавета ветэранаў Уладзіміра Бельчанкі, участковага інспектара міліцыі Уладзіміра Акушкі. Шчырыя словы падзякі за мірнае неба і пажаданні ў вершаванай форме прагучалі ад вучняў і педагога-арганізатара вучэбна-педагагічнага комплекса Надзеі Чаплінскай. Атмасферу сапраўднага свята – з музыкай і песнямі – стварылі работнікі мясцовай клубнай установы Антаніна Балаш, Валянцін Роман, Наталля Шымановіч і Ірына Макей.  Беларускія народныя песні, кампазіцыі ваенных гадоў спявалі ўсе разам. Госці ад чыстага сэрца жадалі ветэрану пражыць да ста год.

Аліна САНЮК, фота Святланы МУЦЯНСКАЙ

Газета "Ашмянскі веснік"

Яндекс.Метрика