Главная » НОВОСТИ » Вальс адыходзячага лета

Пераможцай конкурсу “Кветкі, прыгажосць, творчасць” стала медсястра Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы.

Чарговая рэгіянальная выстава-кірмаш “Паўночны вектар Гродзеншчыны – 2015” прайшла днямі ў Астраўцы. Адной з маляўнічых старонак гэтага маштабнага мерапрыемства стала правядзенне конкурсу “Кветкі, прыгажосць, творчасць”. За права быць пераможцам у гэтым творчым спаборніцтве змагаліся амаль пяцьдзясят удзельнікаў.

Сярод канкурсантаў была і прадстаўніца аховы здароўя Астравеччыны, член пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы, працэдурная медсястра тэрапеўтычнага аддзялення Таццяна Козіч. Сваю кветкавую кампазіцыю яна назвала “Вальс адыходзячага лета”.

Пры падрыхтоўцы конкурснай работы Таццяна Сяргееўна перагартала не адзін дзясятак дапаможнікаў, выслухала парады сябровак і, канешне ж, падключыла ўласную фантазію: усе веды і вопыт былі выкарыстаны пры афармленні кампазіцыі. Нездарма ў народзе кажуць: “Калі сапраўдны майстар бярэцца за любімую справу, у яго руках любая рэч ажывае”. Наведвальнікі выставы з замілаваннем прыпыняліся каля работы нашай калегі. Яны адчувалі, што ў карпатлівай справе з пяшчотнымі кветкамі галоўным памочнікам Таццяны Козіч стала яе вялікае сэрца, напоўненае любоўю да людзей і ўсяго жывога на зямлі.

Захапленне кветкаводствам у нашай гераіні пачалося яшчэ ў дзяцінстве. Любоў да прыгажосці, уменне заўважыць незвычайнае ў прыродзе перадалося і дзвюм дачушкам Таццяны. Яны з вялікай ахвотай штогод прапаноўваюць планы па добраўпарадкаванні тэрыторыі вакол дома. Бязмежна ўдзячна Таццяна Сяргееўна за падтрымку і дапамогу ў стварэнні сямейнага астраўка прыгажосці таксама і мужу. Жыве гэта творчая дружная сям’я ў пасёлку з мілагучнай назвай Гудагай.

Козічы неаднаразова станавіліся пераможцамі ў конкурсе на лепшы падворак сярод аднавяскоўцаў. А чарговы дыплом пераможцы кветкавага конкурсу –яшчэ адна прыступка ў дасканаленні майстэрства жанчыны, на якой яна надоўга прыпыняцца не збіраецца.

Яндекс.Метрика