Главная » НОВОСТИ » Ураджай – 2015

Ураджай – 2015

Прафсаюз гандлю –хлебаробам Навагрудчыны!

Жніво – спрадвечная хлебаробская справа. Здавалася б, кожны раз, як заўсёды, але кожны раз, як бы ўпершыню. На адным дыханні працуюць зараз людзі ў палях, імкнуцца выкарыстаць кожную хвілінку і  хутчэй завяршыць уборку. Добрай традыцыяй стала вызначаць лепшых на жніве і віншаваць іх з працоўнымі дасягненнямі. На мінулым тыдні чарговыя ўзагароды і шчырыя словы падзякі за добрую працу прымалі лідары ўборачнай кампаніі.  

Да хлебаробаў завіталі старшыня Гродзенскага абласнога камітэту Беларускага прафсаюза работнікаў гандлю С.В. Семянчук, старшыня раённага Савета дэпутатаў С.В. Мішарын і старшыня РК прафсаюза работнікаў АПК Р.І Кананчук. Спачатку госці накіраваліся ў СРДУП “Свіцязь”, дзе працуе лідар сёлетняга жніва В.В Касцюк.  З самага пачатку ўборачнай кампаніі ён узначальваў спіс лепшых камбайнёраў па намалоту зерневых. На сённяшні дзень на яго асабістым рахунку 1939 тон збожжа. Трэба адзначыць, што Вячаслаў Вячаслававіч з’яўляецца супрацоўнікам упраўлення ўнутранных спраў і жыве ў Гродна, але амаль кожнае лета прязджае на Навагрудчыну, каб дапамагчы хлебаробам з уборкай. Старшыня Гродзенскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў гандлю С.В. Семянчук уручыла В.В. Касцюку ганаровую грамату і грашовую прэмію, а таксама падзякавала за плённую працу, руплівасць і стараннасць.

Прыемная місія ўшанавання тысячнікаў працягнулася ў той дзень на збожжавых палетках, дзе працавалі хлебаробы СВК “Прынёманскі”.

Уборачная кампанія радуе хлебаробаў гэтай гаспадаркі добрымі тэмпамі і ўраджайнасцю. На сённяшні дзень тут чатыры камбайнёры-тысячнікі. Больш за іншых -1854 тоны на камбайне КЗС-1218 намалаціў У.У. Гаўрылка. Уладзіміра Уладзіміравіча не назавеш навічком у механізатарскай справе, а тым больш — на ўборцы ўраджаю. Больш за васямнаццаць гадоў працуе на палетках роднай гаспадаркі. І пастаянна, колькі ўжо сезонаў запар, у летні час садзіцца за штурвал зернеўборачнага камбайна. Заўжды імкнецца на высокім узроўні выконваць свой хлебаробскі абавязак, працаваць так, каб ніхто і ніколі не мог папракнуць яго за нейкія хібы ў рабоце. Яшчэ на машынным двары дасканала аглядвае ўсе механізмы і агрэгаты камбайна, каб ужо потым, у полі, не рабіць вымушаных прыпынкаў і прастояў.

Не адстае ад вопытных механізатараў Віктар Аляксандравіч Каралько. У гаспадарцы ён не так даўно, працуе інжынерам. Але нялёгкая сялянская праца хлопца не палохае, ды і ў тэхніцы ён разбіраецца. Таму і даручылі яму адну з адказнейшых спраў – уборку збожжавых. І хаця яго камбайн КЗС-1218  не новы, на ўборцы сёмы сезон, Віктар Аляксандравіч з працай спраўляецца добра. З пачатку ўборкі намалаціў ужо 1409 тон збожжа і працягвае ўтрымліваць лідарства сярод маладых камбайнёраў.

У.У. Гаўрылка і В.А. Каралько таксама прымалі віншаванні і падарункі. Звяртаючыся да работнікаў гаспадаркі, Святлана Васільеўна Семянчук адзначыла:

 – Прафсаюз работнкаў гандлю і сельгасвытворцаў звязвае цеснае і плённае супрацоўніцтва. Ужо трэці год я прымаю удзел ва ўшанаванні перадавікоў жніва Навагрудчыны і заўжды з задавальненнем прыязджаю сюды.  Ад імя ўсіх работнікаў гандлю хачу выказаць удзячнасць хлебаробам раёна за годную і добрасумленную працу. Упэўнена, што і надалей наш прафсаюз будзе падтрымліваць сельгасвытворцаў, бо ўборка ўраджаю – гэта наша агульная і самая важная справа.

 

                                                                                                                                    А. ГАНЦЭВІЧ

Яндекс.Метрика