Главная » НОВОСТИ » У падарожжа па Астравецкім краі

У падарожжа па Астравецкім краі

Напярэдадні дня пажылых людзей прафсаюзны камітэт пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ўстанавы аховы здароў’я “Астравецкая цэнтральная раённая бальніца” сумесна з турыстычна-экскурсійным прадпрыемствам “Гроднатурыст” для ветэранаў працы, знаходзячыхся на заслужаным адпачынку, зрабіў незвычайны падарунак: турыстычнае падарожжа ў камфартабельным аўтобусе па гістарычных мясцінах Астравецкага краю. Не кожны пажылы чалавек, улічваючы ўзрост і стан здароў’я, зможа самастойна падарожнічаць.

Пад мілагучны аповед экскурсавода адразу накіраваліся, каб паглядзець на новабудоўлі горада энергетыкаў і будаўнічую пляцоўку новай цэнтральнай раённай бальніцы. Далей маршрут пралягаў праз багатае сваёй гісторыяй мястэчка Варняны, дзе ўвазе ветэранаў прапаноўвалася знаёмства з адзінай, якая захавалася да нашых дзён у некаторых фрагментах, забудовай паркавага комплексу і жылых пабудоў, старажытнай вежай і каскадам ставоў.

З асаблівай цікавасцю агледзелі пагранічны і мытны пост “Катлоўка”. Не пазналі ветэраны тую колішнюю невялічкую вёсачку, якая знаходзіцца на старажытным шляху Полацк – Вільнюс. На ўспамін прыйшлі ветэранам тыя часы, калі па брукаванай дарозе пешшу хадзілі на кірмаш у літоўскую сталіцу, як не адчувалі ногі стомы, калі хадзілі пакланіцца да абраза Маці Божай Вострабрамскай.

Далей маршрут падарожжа праходзіў праз, не менш цікавую сваёй гісторыяй, вёску Трокенікі, дзе размясціліся прыватны музей прыроды і сядзіба сусветнавядомага мастака Мар’яна Богуша-Шышкі. З асаблівай цікавасцю слухалі ветэраны пра гісторыю будаўніцтва касцёлаў у вёсках Міхалішкі і Гервяты. Гэтыя мясціны асабліва дарагія для многіх ветэранаў аховы здароў’я Астравеччыны. Гервяцкая святыня вядома ва ўсёй Беларусі не толькі своеасаблівай архітэктурай, але і дэндрапаркам, які налічвае больш за пяцьсот дэкаратыўных дрэў і кустоў. Прыгажосць прыкасцельнай тэрыторыі, своеасаблівая энергетыка гэтых мясцін заклікала ўвайсці ў храм. І не здарма: там чакаў яшчэ адзін падарунак для ветэранаў – канцэрт арганнай музыкі. Пад гукі аргана, якія разліваліся па касцёле, на тварах прысутных было відаць пачуццё радасці, задаволенасці не толькі сабою, скарыстанай магчымасцю пападарожнічаць па родных мясцінах, але і сустрэчы са сваімі калегамі па працы, з якімі не адзін дзесятак год стаялі на варце аховы здароў’я жыхароў Астравецкага раёна.

Яндекс.Метрика