Главная » НОВОСТИ » Святочныя мерапрыемствы для дзяцей прайшлі ў Навагрудку

Святочныя мерапрыемствы для дзяцей прайшлі ў Навагрудку

На некалькі гадзін гарадскі парк пераўтварыўся ў сапраўдны дзіцячы гарадок з рознымі станцыямі, забавамі і атракцыёнамі. Ва ўрачыстым адкрыцці свята прыняў удзел старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў.

У дзіцячым гарадку працавалі самыя разнастайныя гульнявыя пляцоўкі – турыстычная, “Ля прычала”, “У краіне вясёлага дзяцінства”, выстава-панарама “Добры свет любімых кніг”, адбыўся дзіцячы флэшмоб “З танцам па жыцці” і інш. Людна было каля інтэрактыўных пляцовак “БРСМ – дзецям”, дзе можна было сфатаграфавацца ці зрабіць сэлфі. Аматары малявання на асфальце стварылі сапраўдную летнюю галерэю вакол цэнтральнай клумбы. А на пляцоўцы раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, дзе праходзіла дэманстрацыя спецыяльнай тэхнікі і амуніцыі, кожны змог адчуць сябе сапраўдным выратавальнікам. Асаблівай папулярнасцю карысталіся дзіцячыя атракцыёны, якія, да слова, працавалі бясплатна.

У рамках святкавання прайшлі разнастайныя майстар-класы: “Цуды з салёнага цеста”, “Салон прыгажосці” (юны цырульнік), “Папяровы заапарк” (арыгамі), валянне цацак з воўны, “Тату-салон”. На сцэнічнай пляцоўцы выступілі ўзорны тэатр лялек “Шчарсунок” і артысты народнага цырка раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Акрамя таго, ў кінатэатры “Зорка” адбыліся бясплатныя паказы дзічых фільмаў.

Святкаванне Міжнаронага дня абароны дзяцей прайшло весела і цікава, з твараў хлопчыкаў і дзяўчынак не сыходзілі ўсмешкі. Дзеці – сэнс нашага жыцця і будучае краіны. Таму няхай яны будуць здаровымі, удачлівымі і шчаслівымі, а ўсе іх мары абавязкова здзяйсняцца.

Тэкст і фота А. ПЯТРОВАЙ, “Новае жыцце”. 

Яндекс.Метрика