Главная » НОВОСТИ » Прафсаюзы ў дзеянні

Прафсаюзы ў дзеянні

На мінулым тыдні ў раённай бібліятэцы прайшло пашыранае пасяджэнне Савета Навагрудскага раённага аб’яднання прафсаюзаў. На абмеркаванне членаў Савета выносілася пытанне – аб ходзе выканання комплексу мер па рэалізацыі ў сістэме ФПБ асноўных палажэнняў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады ў Навагрудскім раёне.

     З дакладам выступіў старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Я.В. Дзедуль. Ён падрабязна расказаў пра накірункі працы раённага аб’яднання прафсаюзаў і мерапрыемствах па рэалізацыі асноўных палажэнняў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады. Пра дзейнасць пярвічных прафсаюзных арганізацый паведамілі іх старшыні С.С. Мігаль (ААТ “ПравітБел”) і І.В. Рабіновіч (цэнтральная раённая бальніца).

     Удзел у рабоце Савета прынялі галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення па культуры і грамадскай рабоце апарата Савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі В.А. Квасаў і намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў А.М. Кардаш. В.А. Квасаў выказаў падзяку прафсаюзным работнікам Навагрудскага раёна за тую работу, якую яны праводзяць у цесным узаемадзеянні з абласнымі і рэспубліканскімі прафсаюзнымі структурамі.

 – Работа прафсаюзаў па абароне правоў працоўных і сацыяльнай абароне грамадзян прыносіць вынікі, – адзначыў у сваім выступленні В.А. Квасаў. –Прадстаўнікі прафсаюзаў павінны адказваць за тое, што адбываецца ў калектывах і садзейнічаць вырашэнню праблемных пытанняў паміж работнікамі і наймальнікамі і сярод працоўных калектываў.

     Таксама перад прысутнымі выступілі намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў А.М. Кардаш, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Навагрудскага райвыканкама А.С. Гарачова і старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў  Г.Н. Лапата.

 

Яндекс.Метрика