Главная » НОВОСТИ » Кіраваць аўтамабілем павінен прафесіянал!

Кіраваць аўтамабілем павінен прафесіянал!

Кіраваць аўтамабілем павінен прафесіянал i гэта даказалі 12 ліцэістаў Шчучыншчыны, якія прынялі ўдзел у конкурсе прафесійнага майстэрства.

Віктар Гермакоўскі вучыцца на трэцім курсе шчучынскага сельскагаспадарчага ліцэя . Ён – будучы электраманцёр па абслугоўванні і рамонце электраабсталявання і вадзіцель катэгорыі “С”. Навыкі электраманцёра хлопец паспяховы прымяняе на практыцы, якую зараз праходзіць у РЭС. Вадзіцельскія правы ён пакуль не атрымаў, аднак бездакорнае веданне правілаў дарожнага руху ўжо прадэманстраваў падчас конкурсу прафесійнага майстэрства, які нядаўна прайшоў на базе ліцэя.

На аўтадроме сельскагаспадарчага ліцэя было людна. Тут разгаралася сапраўдная барацьба. 12 трэцякурснікаў упэўнена трымаліся за рулём “МАЗа” і “ГАЗ-САЗа”. 

 Гудзе матор, суддзя  дае старт. Машына падымаецца на эстакаду і на момант “замірае”. Цікаўлюся ў хлопцаў-канкурсантаў, хто за рулём? Аказалася -- Вадзім Войцюль. Тым часам кіроўца дэманструе бакавую і заднюю паркоўкі, лёгка спраўляецца са “змейкай” і іншымі элементамі фігурнай язды і досыць хутка дасягае фінішнай прамой. Здаецца, усё проста.

Аднак адбівалася хваляванне, і справіцца з дыстанцыяй без штрафных балаў давялося далёка не кожнаму. “Будзь пракляты той дзень, калі я сеў за баранку гэтага аўтамабіля!”  -- жартавалі навучэнцы ліцэя, пераймаючы героя знакамітага фільма “Каўказкая палонніца” і хварэлі за сяброў. Дарэчы, балельшчыкаў на аўтадроме было багата: у сельскагаспадарчым ліцэі г. Шчучына да таго ж праходзіў Дзень адчыненых дзвярэй.

Падчас конкурсу давялося канкурсантам даказваць веданне правілаў дарожнага руху. Беспамылкова рашылі шаблоны Віктар Гермакоўскі, Вадзім Войцюль і Дзмітрый Пільчук. Толькі адну памылку дапусціў Дзяніс Гацак. 

 І вось журы падвяло вынікі. Сярод вадзіцеляў, якія займаюцца на машыне “МАЗ-3555142” лідарам стаў Міхаіл Канюк. Крыху саступілі яму Максім Дзікевіч і Станіслаў Пляшкоў, якія занялі другое і трэцяе месцы адпаведна.

Сярод кіроўцаў  “ГАЗ-САЗ 3307” не было роўных Вадзіму Войцюлю. На другім месцы – Віктар Гермакоўскі, замыкае тройку лідараў --  Кірыл Паўлюкевіч. Пераможцы арымалі граматы і падарункі ад раённай  арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

-- Я задаволены  вынікамі, якія паказаў падчас конкурсу, -- гаворыць Міхаіл Канюк. --  Сам я родам з вёскі Багуславова, таму да працы прывучаны з дзяцінства. Тата Яўген Міхайлавіч на “ты” з тэхнікай, вось і мне захапленне перадалося. Вырашыў абавязкова атрымаць вадзіцельскія правы, і сёлета  я – выпускнік сельскагаспадарчага ліцэя.  За час вучобы асвоіў не толькі прафесію трактарыста,  але і электрагазазваршчыка, вадзіцеля катэгорыі “С” . Зараз замацоўваю свае веды на практыцы ў РУП ЖКГ.

-- На сённяні дзень у нас 238 навучэнцаў, -- гаворыць стар­шы майстар вытворчага навучання сельскагаспадарчага ліцэя, старшыня журы конкурсу Алег Іванавіч Шыханцоў. – Запатрабаванасць у рабочых спецыяльнасцях на рынку працы застаецца высокай. Перавага аддаецца кваліфікаваным кадрам, таму выпускнікоў нашага ліцэя з задавальненнем бяруць на працу на завод “Аўтапровад”, у ААТ “Васілішкі”, РУП ЖКГ, саўгас “Вялікае Мажэйкава” і іншыя прадпрыемствы нашага і суседніх раёнаў.

З рабатямі працуюць сапраўдныя прафесіяналы -- 13 майстроў вытворчага навучання. Дарэчы, трое з іх -- С.М. Ляляўка, С.Я. Васюк і А.І. Шуста -- сёлета дапамаглі сваім выхаванцам дастойна выступіць на конкурсе прафесійнага майстэрства. Рыхтаваць кваліфікаваныя кадры дазваляе і матэрыяльна-тэхнічная база ліцэя.  

Яндекс.Метрика