Главная » НОВОСТИ » Героі жніва Шчучынскага раену Гродзенскай вобласці. Васілішкаўскіх тысячнікаў ушанавалі ў полі

Героі жніва Шчучынскага раену Гродзенскай вобласці. Васілішкаўскіх тысячнікаў ушанавалі ў полі

Больш за 35 гадоў працуе ў сельскай гаспадарцы механізатар ААТ “Васлішкі” Іван Іванавіч Вашчыла. Ды не проста працуе, а штогод дабіваецца высокіх паказчыкаў. Вось і сёлета падчас жніва намалаціў больш за тысячу тон зерня, за што быў адзначаны Пісьмом-падзякай і грашовай прэміяй ад прафсаюза работнікаў АПК. Узнагароды тысячніку ўручылі прафсаюзны лідар аграрыяў раёна Генрых Феліксавіч Шандроха і намеснік старшыні ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Юрый Генрыкавіч Бяляўскі.

- Прыемна, што нашу працу цэняць і паважаюць, -- гаворыць Іван Іванавіч. – Так і павінна быць! Прафесія хлебароба сапраўды вельмі няпростая і адказная. Мы працуем у полі амаль увесь светлавы дзень, таму камбайнер павінен быць моцным і вынослівым. Безумоўна, тэхніка зрабіла значны крок у сваім развіцці: цяпер у камбайнах усталяваны кандыцыянер, радыё. Аднак па-ранейшаму наша прафесія застаецца адной з самых нялёгкіх. Да таго ж, без сапраўднага прафесіянала за рулём не будзе і высокіх намалотаў.

У той дзень Г.Ф. Шандроха і Ю.Г. Бяляўскі разам з начальнікам цэха вытворчасці раслінаводчай прадукцыі ААТ “Васілішкі” Іванам Феліксавічам Кімашэўскім таксама павіншавалі з працоўнай перамогай камбайнераў гэтай жа гаспадаркі Валерыя Віктаравіча Кепеля, Станіслава Іванавіча Русіновіча, Віктара Генрыхавіча Юшкевіча. Дыпломамі і грашовымі прэміямі Гродзенскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК былі ўзнагароджаны камбайнеры ААТ “Васілішкі” Павел Станіслававіч Грудзінскі і Віктар Зянонавіч Зневяроўскі.

- Тэхніка была падрыхтавана да жніва выдатна, надвор’е таксама спрыяла, таму ўбралі ўраджай хутка, -- кажа двухтысячнік В.З. Зневяроўскі. – Ураджайнасць радуе – 56,7 цэнтнера з гектара. Усяго намалацілі 31500 тон зерня. Ёсць чым ганарыцца!

За высокія намалоты былі адзначаны таксама камбайнеры такіх гаспадарак, як саўгас “Вялікае Мажэйкава”, ААТ “Шчучынаграпрадукт”, СВК “Орля”. Усяго ў раёне на 8 жніўня налічваецца 41 тысячнік і 4 двухтысячнікі. Гэта экіпажы ў складзе камбайнера Яна Янавіча Мазуркевіча і яго памочніка Дзмітрыя Іванавіча Новіка, камбайнера Станіслава Іосіфавіча Кахновіча і яго памочніка Анатолія Аляксеевіча Лышчыка з ААТ “Шчучынаграпрадукт”, а таксама камбайнеры ААТ “Васілішкі” Віктар Зянонавіч Зневяроўскі і Казімір Іосіфавіч Малмыга. За добрасумленнасць, праяўленую падчас уборачнай кампаніі, ушанавалі і вадзіцелеў гаспадарак раёна, якія перавезлі больш за тысячу тон залатога грузу.  Узнагароды знайшлі сваіх герояў прама ў полі.

У тэму:

У раёне ўборачная кампанія ідзе да фінішу. Першымі завяршылі жніво ў “Жалудоцкім агракомплексе” і СВУ “Пратасаўшчына”. На 8 жніўня ўбрана 23226 гектараў зерневых, што складае 91% ад пасяўных плошчаў. Намалочана 122375 тон зерня, а сярэдняя ўраджайнасць па раёне дасягнула 52,7 цэнтнера з гектара.

Яндекс.Метрика